КРУГАВЫ́ ПРАЦЭ́С.

тэрмадынамічны працэс, у выніку якога рабочае рэчыва (газ, пара ці інш.) вяртаецца ў першапачатковы стан. Пры гэтым усе тэрмадынамічныя параметры і характарыстычныя функцыі сістэмы ў канцы працэсу прымаюць першапачатковыя значэнні, а змены адбываюцца толькі ў навакольным асяроддзі. У прамым К.п. частка цеплаты, нададзеная рабочаму целу, пераўтвараецца ў карысную работу (напр., у цеплавых рухавіках), а ў адваротным — за кошт работы адбываецца перадача цеплаты ад менш нагрэтых цел да больш нагрэтых (напр., у халадзільных машынах). Гл. таксама Карно цыкл, Цыкл тэрмадынамічны.

т. 8, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)